Супрацоўнікі Дэпартамента аховы, як правіла, першымі прыбываюць на месца здарэння. Іх мабільнасці і высокай тэхнічнай абсталяванасці, што дазваляе выконваць задачы больш эфектыўна, можна толькі пазайздросціць. Людзі давяраюць прафесіяналам ахову сваёй маёмасці, а кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый звяртаюцца да міліцыянераў не толькі з мэтай забеспячэння бяспекі, але і падтрымання калектыўнай дысцыпліны.
Толькі ў сталіцы для забеспячэння аховы аб’ектаў і жылых дамоў (пакояў) фізічных асоб штосутачна выстаўляецца больш як 1300 пастоў міліцыі і вартаўнічай аховы. Пад аховай знаходзіцца звыш 59 тысяч аб’ектаў і жылых памяшканняў грамадзян. Супрацоўнікі Дэпартамента аховы імгненна рэагуюць на паведамленні аператыўна-дзяжурных службаў органаў унутраных спраў, спрацоўку ручных сістэм трывожнай сігналізацыі. Па гарачых слядах раскрываюцца тысячы злачынстваў і правапарушэнняў.
У чым асаблівасці ахоўнай службы ў сталічных вартавых правапарадку, якія распрацоўкі дапамагаюць аператыўна рэагаваць на здарэнні і выконваць пастаўленыя задачы, а таксама чаму трывожная кнопка карыстаецца попытам у пажылых грамадзян, даведаліся ў начальніка Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС палкоўніка міліцыі Дзмітрыя Васкоўскага.
— Дзмітрый Мікалаевіч, Мінск — найбуйнейшы горад краіны, дзе засяроджваецца вялікая колькасць людзей. Якія асаблівасці па забеспячэнні ахоўнай дзейнасці ў сталіцы?
— У супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, якія служаць у сталіцы, сапраўды больш задач. І здарэнняў тут адбываецца больш. Насельніцтва ў Мінску шмат, нямала і прыезджых. Некаторыя спецыяльна наведваюць сталіцу, каб здзейсніць правапарушэнні. Напрыклад, набіраюць у краме адзення на вялікія сумы і спрабуюць, не аплаціўшы, вынесці. Іх у тым ліку затрымліваюць нашы супрацоўнікі. Мы ў асноўным рэагуем на трывожныя кнопкі, якія ўстаноўлены ў гандлёвых аб’ектах. У цэлым, наша служба не адрозніваецца ад службы ў рэгіёнах. Мы выконваем адны і тыя ж задачы. Наша служба была створана для аховы асабліва важных аб’ектаў, аб’ектаў крытычна істотнай інфраструктуры, забеспячэння бяспекі ў банкаўскай сферы. Гэтыя задачы працягваем выконваць.
— Немагчыма сёння ўявіць без аховы і школы. Ці прызвычаіліся настаўнікі, а самае галоўнае, дзеці і іх бацькі да выканання пэўных правілаў, якія перш за ўсё прадугледжаны бяспекай?
— Пад фізічную ахову Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы прыняты ўсе школы ў горадзе Мінску і шэраг сярэдніх навучальных устаноў у Мінскім раёне. У абавязковым парадку ў іх устаноўлены трывожныя кнопкі. У першую чаргу гэта было выклікана негатыўнымі выпадкамі ў школах Расійскай Федэрацыі, дзе адбываліся ўзброеныя нападзенні на вучняў і настаўнікаў. Па дамоўленасці з Міністэрствам адукацыі было прынята рашэнне, што ва ўсіх сярэдніх навучальных установах краіны будуць устаноўлены фізічныя пасты аховы. Але мы не спыняемся толькі на забеспячэнні школ вартавымі. У нашы абавязкі ўваходзіць і абслугоўванне СКУДаў (электронных устройстваў для пропуску грамадзян), вядзём улік чыпаў, картак. Гэтая работа ажыццяўляецца ўжо на працягу чатырох гадоў. Нашы людзі прызвычаіліся. Хаця па першым часе бацькі скардзіліся на тое, што іх не пускаюць у школу, не даюць пераапрануць дзіця. Цяпер разумеюць, што бяспека — перш за ўсё.
— Менавіта з гэтым, напэўна, звязаны і павышаны попыт на вашы паслугі з боку кіраўніцтва прадпрыемстваў і арганізацый?
— Сапраўды, прадпрымальнікі, кіраўнікі больш актыўна перадаюць пад нашу ахову свае аб’екты. Па-першае, нам давяраюць. Па-другое, мы пашыраем спектр паслуг. Дэпартамент аховы арганізоўвае на вытворчасці або ў арганізацыі цэлы комплекс мерапрыемстваў. Ім не трэба весці на прадпрыемстве ахову працы, апранаць супрацоўнікаў вартавой аховы або кантралёраў. Мы бяром гэтую функцыю на сябе ад пачатку да канца. І функцыю кантролю ў тым ліку. Устанаўліваем электронныя тэхнічныя сродкі, ажыццяўляем фізічную ахову. Гэта задавальняе сёння кіраўнікоў, таму яны гатовы свае аб’екты перадаваць нам.
— А ці ёсць альтэрнатыва?
— Мы поўнасцю забяспечваем ліцэнзаванне ўсіх відаў дзейнасці, даём прадпрыемствам дазвол на ахоўную дзейнасць. Правяраем іх, кантралюем, аказваем увесь спектр паслуг. Такое рашэнне было прынята кіраўніком дзяржавы, і яно апраўдана. Калі казаць аб чопах, якія б мы сюды запусцілі, то парадку было б менш.
— Неўзабаве пад вашым кантролем апынецца і мінскі метрапалітэн?
— Што датычыцца метро, мы бяром яго на кантроль з пункту гледжання тэхнічных сродкаў. Ні ў якім разе не прэтэндуем на тое, каб замяніць супрацоўнікаў метрапалітэна. Там арганізавана належная ахова, якая выконвае розныя функцыі: і ахова, і догляд, і прапускны рэжым, і абілечванне. Мы ж бяром на сябе функцыю абароны. У тым выпадку, калі супрацоўнікам метро спатрэбіцца дапамога міліцыянераў, яны націснуць трывожную кнопку, і нарад аператыўна прыбудзе на месца. Станцыя метро, як правіла, прадугледжвае 12 выхадаў. На якім з іх неабходна будзе затрымаць правапарушальніка або злачынцу — пытанне. Рэспубліканская сістэма відэаманіторынгу грамадскай бяспекі, якой мы карыстаемся, дазволіць нам адправіць нарад канкрэтна туды, дзе было здзейснена правапарушэнне або злачынства.
— Супрацоўнікі Дэпартамента аховы, як правіла, першымі прыбываюць на месца здарэння. З чым гэта звязана?
— У першую чаргу з тым, што ў нас ёсць свая зона адказнасці, маршрут. Акрамя таго, мы вельмі мабільныя. Нашых атрадаў заступае на дзяжурства больш, чым у іншых сілавых ведамствах. Разумеючы, што атрад аховы знаходзіцца на канкрэтным маршруце, дзяжурны па РУУС будзе адпраўляць нас туды першымі. Прыбываем на шматлікага роду паведамленні: і на сямейныя скандалы, і на выяўленне безгаспадарчых рэчаў, і проста на дапамогу людзям.
— Што дазваляе быць мабільнымі?
— Наш аўтапарк поўнасцю абноўлены. У большасці набываем аўтамабілі айчыннай вытворчасці, якія вельмі добрай якасці. Для выканання службова-баявых задач нам гэтага дастаткова. Новыя аўтамабілі, на якіх перамяшчаюцца супрацоўнікі, дазваляюць ім быць мабільнымі і якасна выконваць пастаўленыя задачы. Гэта і дысцыплінуе: каб атрымаць новую машыну, кіроўца павінен адпавядаць пэўным патрабаванням.
— У сучасных умовах кватэрныя крадзяжы — гэта ўжо рэдкасць. Ці не звязана гэта з масавым выкарыстаннем паслуг Дэпартамента аховы ўладальнікамі прыватнай уласнасці?
— Тое, што колькасць кватэрных крадзяжоў скарацілася, — заслуга ўсёй міліцыі. Вялікі ўклад у гэтую работу ўносіць і Дэпартамент аховы. Мы вельмі хутка рэагуем на ўсе заявы грамадзян. Вядома, гэта істотна зніжае ўзровень злачыннасці. У нас шмат выпадкаў, калі грамадзяне, якія карыстаюцца паслугамі Дэпартамента аховы, чып прыкладваюць, а зачыніць кватэру забываюць. Устанаўліваючы трывожную кнопку, грамадзяне не толькі страхуюць сябе ад крадзяжу. Яе можна націскаць і ў выпадку любых супрацьпраўных замахаў. А колькі трывожная кнопка ратуе жыццяў! Пажылым, хворым людзям часам прасцей націснуць яе, чым выклікаць хуткую дапамогу. Калі дзякуючы трывожнай кнопцы будзе захавана хоць адно жыццё, гэта дарагога варта.
— Пад вашай аховай знаходзяцца і многія адміністрацыйныя аб’екты. Спектр задач, якія вы вырашаеце, каласальны. Ці хапае на гэта кадравых рэсурсаў?
— У Дэпартаменце аховы створаны ўсе ўмовы для таго, каб малады супрацоўнік, які прыйшоў пасля заканчэння ўстановы адукацыі або адслужыў у арміі, прыносіў карысць сабе, дзяржаве, развіваўся. У нас добрая спартыўная база ва ўсіх падраздзяленнях. У аддзеле Кастрычніцкага раёна створана спартбаза такога ўзроўню, што можна праводзіць любыя спаборніцтвы. Людзей, якія прыходзяць у Дэпартамент аховы, мы атачаем клопатам. Вядома, і ад іх патрабуем, каб, выконваючы тыя ці іншыя задачы, яны таксама адпавядалі нашым патрабаванням. Ёсць шмат прыкладаў, калі прадстаўнікі міністэрстваў пішуць на маё імя лісты аб тым, што той ці іншы супрацоўнік варты заахвочвання, павышэння па службе. Мы ім давяраем, бо кіраўнікі сутыкаюцца з нашымі супрацоўнікамі кожны дзень, якія, нягледзячы на хваробу ці пэўныя цяжкасці, выконваюць пастаўленыя задачы. Пэўны некамплект ёсць, але ў першую чаргу ён звязаны з тым, што мы пашыраем спектр паслуг. Аб’ектаў, якія абслугоўваем, становіцца ўсё больш. На закрыццё аднаго паста нам патрабуецца пяць чалавек. Іх трэба навучыць у вучэбным цэнтры. У цэлым моладзь да нас ідзе. Шмат робім для таго, каб пра нас ведалі і чулі.
— Дэпартамент аховы развіваецца ў нагу з сучаснымі тэхналогіямі. Наколькі тэхнічныя навінкі дапамагаюць у вашай дзейнасці?
— Без іх увогуле складана ўявіць нашу службу. Вельмі дапамагае Рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі, якая ўстаноўлена ва ўсіх дзяжурных часцях, аддзелах. Устанаўліваем на аб’ектах інавацыйнае відэаназіранне, перыметральную сігналізацыю. Перакінуць нейкі прадмет праз плот незаўважна не атрымаецца: праграма паказвае, што на зямлі з’явілася пэўная перашкода, якой не было некалькі хвілін таму, і выдае сігнал трывогі. Мы прапаноўваем гэтую сістэму кіраўнікам устаноў, якія знаходзяцца пад аховай, разам з сістэмай відэаназірання з магчымасцю кантролю менавіта нашага супрацоўніка, якому неабавязкова знаходзіцца на аб’екце, каб валодаць абстаноўкай. Ён можа несці службу ў дзяжурнай часці, кантраляваць месца, якое ахоўваецца, і пры неабходнасці накіроўваць туды нарад групы затрымання. Актыўна тэсціруем і прымяняем у сваёй службовай дзейнасці аўтаматычную сістэму адкрыцця шлагбаумаў. Пры дапамозе пульта кіравання дзяжурны можа адчыніць любы шлагбаум у горадзе. Гэта дазваляе нам максімальна хутка прыбыць да месца здарэння і аказаць дапамогу тым, хто ў гэтым мае патрэбу. Прапаноўваем устройства кантролю персаналу. Раз у гадзіну чалавек, які, напрыклад, з’яўляецца вартаўніком на аб’екце, павінен адзначыцца. Калі гэтага не адбылося, на месца прыязджае група затрымання. Безумоўна, гэта дысцыплінуе, нямала выяўляем парушэнняў. Шмат каму гэтая сістэма выратавала жыццё. Толькі на маёй памяці тры выпадкі. У адміністрацыйным будынку вартавы страціў прытомнасць. Не атрымаўшы адпаведнага сігналу ад гэтага вартавога, нарад прыбыў на месца. Высветлілася, што ў чалавека здарыўся інсульт. Выклікалі хуткую дапамогу — чалавеку ўдалося захаваць жыццё. Сістэма працуе і дае станоўчы эфект, хаця каштуе не даражэй, чым звычайная трывожная кнопка.
— Гэта ўсё — айчынныя распрацоўкі?
— Так, усё наша. У Дэпартаменце аховы створаны спецыяльны аддзел па інавацыйным укараненні дадзеных сродкаў. Уся краіна працуе над гэтым. Самае новае — датчыкі працёку вады. Устанаўліваем аўтаматычнае ўстройства на краны, спецыяльныя датчыкі — на падлогу. У выпадку, калі вада трапіла на датчык, што сведчыць аб падтапленні, дыстанцыйна перакрываецца вада ў кране. Аналагічна сістэма працуе і з газам, калі адбываецца ўцечка. Паслуга запатрабавана ў людзей, якія маюць раз’язны характар работы. Гэта таксама распрацоўка Дэпартамента аховы. Безумоўна, падобныя захады аблегчылі людзям жыццё, а нам — задачы. Тое, што народ зацікаўлены ў гэтым, дае стымул для далейшага развіцця. Мы разумеем, што патрэбны грамадзянам, таму рухаемся наперад. Адзін з прыярытэтаў — знізіць чалавечы фактар у рабоце. Нагрузкі, асабліва ў начны час, на супрацоўнікаў Дэпартамента аховы каласальныя. Таму актыўна ўкараняем тэхнічныя сродкі аховы.
— Што ў перспектыве?
— Наперадзе — выбары. Мы прымаем самы актыўны ўдзел у забеспячэнні бяспекі грамадзян падчас гэтага важнага палітычнага мерапрыемства. Большасць выбарчых участкаў размесціцца ў школах, якія знаходзяцца пад нашай аховай. Гэтую ахову мы ўзмоцнім, установім дадатковыя тэхнічныя сродкі, абсталюем трывожнымі кнопкамі ўсе выбарчыя ўчасткі. Наша задача — гарантаваць грамадзянам бяспеку. Гэта самае галоўнае.
Вераніка КАНЮТА
Фота з архіва Мінскага гарадскога ўпраўлення Дэпартамента аховы МУС